«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць». Іван Андрэевіч Шавель

  Іван Андрэевіч Шавель                                                                                                 

Іван Андрэевіч Шавель нарадзіўся 1 сакавіка 1919 г. у вёсцы Кухцічы на Уздзеншчыне. Сям’я была небагатая, бо жыла выключна са сваёй працы на зямлі. З малых гадоў сялянскую навуку спасціг і ён – пасьба кароў, начное, сенакос, малацьба, ворыва… Паралельна асвойваў яшчэ і школьную навуку. Паспяхова закончыў чатыры классы пачатковай школы ў роднай вёсцы, затым – сямігодку ў суседніх Сямёнавічах. У 1935 г. паступіў у адзіную ў раёне Уздзенскую дзесяцігодку. Сярэдняя адукацыя стала для Івана Андрэевіча адпраўной кропкай у самастойнае жыццё і адначасова праклала дарогу ў далейшы навуковы свет.

      У 1938 годзе ён стаў студэнтам гістарычнага факультэта Мінскага педінстытута.

     Першыя гады вучобы ў інстытуце запомніліся вясковаму юнаку на ўсё жыццё. Ён прагна спасцігаў навуку. Быў актывістам грамадскага жыцця. Аднак у хуткім часе прыйшло пэўнае расчараванне: восенню 1940 года выйшаў сталінскі ўказ аб плаце за атрыманне вышэйшай адукацыі на стацыянары.

      Як згадваў пазней Іван Андрэевіч, неабходна было плаціць каля 400 тагачасных рублёў, і бацька тут жа прапанаваў прадаць для гэтага бычка і швейную машынку. Але гэта была занадта вялікая ахвяра сям’і, і Іван Андрэевіч пагадзіцца на яе не мог. Ён перавёўся на трэці курс завочнага факультэта і паехаў працаваць.        

     У канцы мая 1941 года студэнт-завочнік Шавель пайшоў у водпуск і здаваў сесію. Да сярэдзіны чэрвеня ён поўнасцю справіўся з экзаменамі і меў намер крыху адпачыць.

    Але грымнула вайна. Нечаканасць гэтай навіны выклікала пэўную збянтэжанасць. Калі ж дні праз два ад пачатку ваенных дзеянняў пад Брэстам Іван Андрэевіч разам з многімі кухцінскімі юнакамі і мужчынамі прыйшоў у райваенкамат, там ужо нікога не застаў. Тады і з’явілася думка падацца на ўсход. Аднак ужо кіламетраў за трыццаць ад Узды, каля Валяр’янаў, іх абстралялі немцы, якія аўтакалонай рухаліся на Мінск па Слуцкай шашы. Страціўшы падчас абстрэлу свой адзіны транспартны сродак – каня, хлопцы разышліся па дамах.

   Жыццё пад акупацыяй пазней неаднойчы згадвалі Івану Андрэевічу ў самых розных інстанцыях. Аднак мала хто ведаў, што ўчарашні студэнт Шавель падчас нямецка-фашысцкай акупацыі роднай вёскі не толькі разам з бацькамі займаўся хатняй гаспадаркай, але і супрацоўнічаў з партызанамі, збіраў для іх зброю, распаўсюджваў лістоўкі.

    У 1944 годзе Іван Андрэевіч быў прызваны ў армію і прайшоў складанымі салдацкімі дарогамі да канца вайны.

  Як студэнта, які не закончыў навучанне, Івана Андрэевіча Шавеля дэмабілізавалі датэрмінова. У кастрычніку 1945 года ён вярнуўся дадому і адразу ж аднавіўся на вучобе. У пасляваенныя гады Беларусь перажывала цяжкасці ва ўсім. Не хапала ў школах настаўнікаў, асабліва на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі, далучанай амаль што перад самай вайной да БССР. 

  Так, у хуткім часе пасля атрымання дыплома, Іван Андрэевіч трапіў на Стаўбцоўшчыну. А першым і практычна адзіным месцам яго працы стала Старасвержанская дзесяцігодка, якой ён аддаў больш за 40 гадоў жыцця.

  Іван Андрэевіч Шавель – сапраўдны Чалавек  і Настаўнік. Яго жыццёвая энергія, чалавекалюбства, улюбёнасць у родны край, мінуўшчыну нашай зямлі, выключная інтэлігентнасць  і  яшчэ шмат станоўчых якасцей дапамаглі не аднаму пакаленню старасвержанскіх школьнікаў стаць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.

    Узяты аднойчы імі жыццёвы прыклад са свайго Настаўніка, без сумнення, дапамагае ім і сёння ўпэўнена крочыць па жыцці. Кожны вучань Івана Андрэевіча Шавеля носіць у душы самыя лепшыя ўспаміны пра яго…              

   З гісторыі Старасвержанскага гісторыка-краязнаўчага музея                           

Старасвержанскі гісторыка-краязнаўчы музей адкрыўся ў канцы 1957 года  па ініцыятыве настаўніка Старасвержанскай сярэдняй школы І.А. Шавеля. Напачатку знаходзіўся ў адным з вучэбных класаў.  Выглядаў надзвычай сціпла. У некалькіх зашклёных шафах, на стэндах і стэлажах размяшчаўся ўвесь яго фонд. Затым, калі  экспазіцыя "вырасла" ў некалькі разоў, пад музей быў адведзены асобны класны пакой. Там ён размяшчаўся да 1986 года, пакуль калгас не пабудаваў асобны будынак.  Юльян Пятровіч Цвірко, старшыня калгаса, таксама загарэўся справай І.А. Шавеля. як мог, дапамагаў яму. А, калі аднаго разу на пасяджэнні праўлення паўстала пытанне аб будаўніцтве асобнага памяшкання пад музей, падтрымаў. З 1 верасня 1986 года музей набывае статус калгаснага. Сам Іван Андрэевіч, пайшоўшы на пенсію, стаў працаваць у калгасе дрэктарам музея.

На той час музей меў 6 экспазіцыйных залаў (плошча 162 м2), 1800 экспанатаў (1986 г.). Экспазіцыя музея налічвала 10 раздзелаў, кожны з іх адлюстроўваў той ці іншы перыяд у гісторыі  Старога Свержаня і яго наваколля.

Матэрыялы раздзела «Дарэвалюцыйнае мінулае в. Стары Свержань і Стаўбцоўшчыны» пададзены ў развіцці ад самых старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. На стэндах прымітыўныя прылады працы, грубы ляпны посуд, у невялікай скрыначцы зерне, якое праляжала ў зямлі не адно стагоддзе, поўсць маманта і інш. Усё гэта падарункі археолагаў,  якія даследавалі на тэрыторыі раёна паселішчы, стаянкі і могільнікі старажытнага чалавека. Крыху далей – экспанаты пазнейшага часу, яны амаль усе адносяцца да канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў – гэта тое, што ўдалося сабраць вучням школы. Экспанаты надзвычай дакладна перадаюць дух таго часу. Тут жа і звесткі пра першае ўпамінанне г. Стоўбцы, матэрыялы, якія расказваюць пра баявыя дзеянні ў наднёманскім краі ў час Паўночнай вайны і ў Айчынную вайну 1812 г.

Матэрыяльная культура Наднямоння шырока прадстаўлена ў этнаграфічным раздзеле «Хата нашай памяці». Тут сабраны шматлікія сельскагаспадарчыя прылады працы: сярпы, цэп, бязмены, нож і вілы для здабычы торфу, драўляныя пранікі, якімі некалі абівалі галоўкі льну, мялкі, трапалы, шчоткі і грэбні – імі мялі і часалі лён. У гэтым жа раздзеле і адзін з найбольш каштоўнейшых экспанатаў музея – кросны. Тут жа размясцілася і сялянская хата. Сціплы, просты інтэр’ер. Невялічкая печ, лава, на ёй прасніца і побач калаўрот, на покуці абразы. Крыху воддаль, у так званай каморы, - багацце вырабаў з дрэва, лазы і саломы: карцы і кубкі, лыжкі і сальніцы, кашы і вялізныя карабы, лубкі і вярэнькі. Побач – гліняны посуд: збаны, гаршкі, міскі і інш.

Затым ідзе не менш цікавы раздзел «Гісторыя Старасвержанскай школы». Сярод экспанатаў гэтага раздзелу кнігі, падручнікі, сшыткі, грыфельная дошка, іншыя вучнёўскія прылады, якімі карысталіся дзеці да Кастрычніцкай рэвалюцыі,  у часы белапольскай акупацыі і пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Ёсць у музеі і яшчэ адзін надзвычай цікавы раздзел – «Гісторыя Старасвержанскага хору». У ім праследжваецца гісторыя самадзейнага калектыву, пачынаючы з 1917 года, - года яго арганізацыі.

«Рэвалюцыйныя падзеі на Стаўбцоўшчыне ў 1917 годзе. Нашы землякі–ўдзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны» – такая назва наступнага раздзелу музея. На сценах старыя пажоўклыя фотаздымкі, малюнкі, фотакопіі газетных артыкулаў, якія раскрываюць ход рэвалюцыйных падзей на Беларусі і ў раёне.

Чарговы раздзел расказвае пра часы панавання на наднёманскай зямлі белапольскіх акупантаў. Экспанаты, размешчаныя тут, адлюстроўваюць барацьбу вяскоўцаў і працоўных раёна за нацыянаьную самасвядомасць, за вызваленне з-пад прыгнёту белапалякаў. Асобныя матэрыялы расказваюць пра членаў КПЗБ С. А. Ваўпшасава, У. З. Царука, С. В. Прытыцкага, селяніна в. Слабодка Івана Бушму і многіх іншых, хто змагаўся ў тыя часы за народнае шчасце.

     Найбольш шырока ў экспазіцыі калгаснага музея паказаны падзеі Вялікай Айчынная вайны. Кожны экспанат, што захоўваецца ў аддзелах, прысвечаных тэме апошняй вайны, няхай то будзе паржавелая гільза ці зброя альбо пажоўклая ад часу фотакартка, усе яны – яркае сведчанне праяўленай мужнасці савецкіх воінаў і партызан, непахіснай веры нашага народа ў Перамогу. Тут можна даведацца пра баявыя дзеянні ў Стоўбцах і на тэрыторыі раёна ў першыя дні вайны.

     Раздзел «Нашы вызваліцелі» прысвечаны баявому шляху 4-га кубанскага кавалерыйскага корпуса, часці якога 2 ліпеня 1944 года прымалі ўдзел у вызваленні Стоўбцаў і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    Пасляваеннаму аднаўленню прысвечаны раздзел «Гісторыя калгаса «Нёман», у якім расказваецца пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуліся вяскоўцы пры арганізацыі калгаса, пра іх першыя поспехі і сённяшнія будні.

У 2006 годзе музейны фонд перанесены ў Старасвержанскі цэнтр культуры.

  У цяперашні час музей не існуе. Гл. старонку Экспозиции музейной комнаты

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць...

 Відэа з адкрыцця экспазіцыі да 100-годдзя Шавеля І.А.

«Беларусь помнит». Справа жыцця франтавіка і настаўніка



Шавелі Іван Андрэевіч і Лідзія Дзмітрыеўна з сынам Аляксандрам

Шавеля Івана Андрэевіча ў свой час ведала практычна ўся Стаўбцоўшчына. У створаным ім у Старасвержанскай школе краязнаўчым музеі ў 60-80-х гадах пабывалі амаль ці не ўсе настаўнікі раёна разам са сваімі вучнямі. Вопыт яго пазакласнай гісторыка-патрыятычнай работы добра ведалі не толькі ў раёне, але і ў Міністэрстве адукацыі. Нездарма яго работу штогод адзначалі граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню. Але самая вялікая ўзнагарода – пісьмы з розных куткоў Савецкага Саюза са шчырымі словамі падзякі ад родных загінулых байцоў пры абароне ў 1941 і вызваленні ў 1944 годзе. Гэта Іван Андрэевіч са сваімі вучнямі даў магчымасць наведаць той куточак Беларусі, дзе знайшлі апошні спачын без весткі зніклыя загінулыя байцы. Ці мог ён, прайшоўшы ваенныя выпрабаванні, паступіць па-іншаму?

Нарадзіўся Іван Андрэевіч на Уздзеншчыне, у вёсцы Кухцічы, 1 сакавіка 1919 года, у простай беларускай сям’і. Ці думаў яго бацька Андрэй Сямёнавіч, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, што і лёс яго дзяцей будзе апалены  вайной?

…Студэнта-завочніка гістарычнага факультэта Мінскага педінстытута Івана Шавеля вестка аб пачатку вайны застала дома, куды ён прыехаў дапамагчы бацькам з сенакосам. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі ён займаўся дамашняй гаспадаркай разам з сёстрамі. Была наладжана сувязь з партызанамі праз Курыльчыка Мікалая Іванавіча – партызана атрада «Патрыёт Радзімы» брыгады імя Варашылава. Яны збіралі зброю, распаўсюджвалі лістоўкі, сачылі за рухам фашысцкіх войскаў па шашы на Узду, Негарэлае, Валяр’яны.

2 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія вызваліла Узду. На зборным пункце Івана Андрэевіча залічылі ў 96-ю Гомельскую Чырвонасцяжную ордэнаў Суворава і Кутузава дывізію. У складзе гэтага вайсковага падраздзялення ён прайшоў франтавымі дарогамі роднай Беларусі. А затым была Польшча… Цяжкія баі ішлі пад Беластокам. Неабходна было ўтрымаць абарону ля вёскі Калінава і падрыхтаваць плацдарм для далейшага наступлення. Падмацавання не было. Нямала салдат загінулі тут пад варожым агнём.

У родную вёску бацькам прыйшло паведамленне: «Рядовой  Шавель Иван Андреевич в бою за Социалистическую родину,  верный воинской присяге,  проявил геройство и мужество, был убит 25 августа 1944 года. Похоронен 100 метров восточнее деревни Калиново Чижовского  района  Белостокской области». У сям’ю гэтае паведамленне прынесла вялікае гора.

Аднак бацька застаўся жыць, ён трапіў у палон. Ішло хуткае вызваленне Еўропы. Франтавыя дарогі Польшчы, часткова Германіі. Канец вайны сустрэў у Чэхаславакіі. Як студэнта, які не закончыў навучанне, Івана Шавеля дэмабілізавалі датэрмінова. Вярнуўшыся дадому, адразу ж аднавіўся на вучобе. Пасля атрымання настаўніцкага дыплома быў накіраваны на Стаўбцоўшчыну. Практычна адзіным месцам яго працы стала Старасвержанская школа, якой ён аддаў больш за сорак гадоў  свайго жыцця. Тут ён сярод калег сустрэў цудоўнага чалавека – Лідзію Дзмітрыеўну, настаўніцу матэматыкі, стварылі сям’ю і пражылі шчаслівае, прыгожае жыццё. Бацька маёй маці Савік Дзмітрый Максімавіч, кіраўнік аддзела па барацьбе з бандытызмам пры Коханаўскім аддзеле міліцыі на Віцебшчыне, загінуў ад пабояў фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго тры дачкі Фаіна, Лідзія і Галіна выконвалі заданні партызан брыгады «Чэкіст». У 1944 годзе былі арыштаваны палявой жандармерыяй і змешчаны ў турму за сувязь з партызанамі. Пасля допытаў былі вывезены ў Германію. Вызвалены амерыканскімі салдатамі 1 мая 1945 года. Са станцыі Халодныя Воды, на каменным вугалі таварных вагонаў, дабраліся да станцыі Орша, а затым у Талачын. Дома іх чакала «пахаронка» на брата Аляксандра, які загінуў пры абароне Ленінграда.

Вось так пачыналася мірнае жыццё маладой сям’і, людзей,  лёс якіх аказаўся апалены вайной.

Справай жыцця майго таты стала патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе гераічнай гісторыі беларускага народа. Усё пачалося з арганізацыі школьнага краязнаўчага гуртка – экскурсіі, падарожжы, экспедыцыі з мэтай пошуку і збору матэрыялаў па гісторыі раёна. Актыўная праца зацікаўленых вучняў, якіх ён у сваіх успамінах называе «піянерамі краязнаўства», Уладзіміра Філатава, Тамары Сілко, Аляксея Валовіча, Мікалая Далідовіча, Анатолія Шкута, Леаніда Строта і ўсіх выпускнікоў 1966 года, дала магчымасць школьнаму музею, адкрытаму ў 1957 годзе, перарасці ў 1986-м у калгасны. Дзякуючы намаганням старшыні калгаса «Нёман» Цвірку Юльяну Пятровічу быў узведзены будынак. На плошчы 161 м2 размясцілася экспазіцыя з 2,5 тысячы экспанатаў. Асноўны пастулат Івана Андрэевіча: «Няма безымянных герояў». «Чырвоныя следапыты» знайшлі 132 загінулых вызваліцеляў горада Стоўбцы. У ходзе пошукавай работы наладзілі перапіску з роднымі 80 загінулых герояў, якія жылі ў розных кутках былога СССР. Родныя, якія страцілі надзею даведацца, дзе знаходзіцца магіла іх сына, брата, бацькі, дасылалі пісьмы са словамі шчырай удзячнасці, прыязджалі ў школу, у госці да Івана Андрэевіча, а затым наведвалі мемарыял на плошчы Бяссмяротнасці ў Стоўбцах.

Музей працягваў расшырацца. Заканчвалі школу адны вучні, на іх месца прыходзілі іншыя, і справа працягвалася. Мастацтвазнаўца Яўген Сахута дапамог распрацаваць праект размяшчэння экспазіцый. Атрымалася дзесяць раздзелаў – ад даўніны да сучаснасці.

Музей стаў цэнтрам патрыятычнай і гісторыка-краязнаўчай работы. Тут наладжваліся для вучняў шматлікія сустрэчы са знакамітымі людзьмі Стаўбцоўшчыны, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, глыбінная праца майго бацькі і яго спадкаемцаў прыйшла ў забыццё. Напярэдадні слаўнай даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі – былыя вучні Івана Андрэевіча, яго землякі, усе, хто яго ведаў, мараць аб тым, што ў Год малой радзімы знойдзецца магчымасць адрадзіць амаль што страчаную спадчыну і памяць пра герояў-вызваліцеляў. Яшчэ ёсць магчымасць выратаваць архівы музея, якія знаходзяцца ў Наваколасаўскім і Старасвержанскім цэнтрах культуры.

Хачу выказаць шчырыя словы падзякі настаўніцкаму і вучнёўскаму калектывам  Старасвержанскай сярэдняй школы за арганізаванае мерапрыемства з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Шавеля Івана Андрэевіча з афармленнем экспазіцыі ў школьным краязнаўчым музеі.

Яўген ШАВЕЛЬ



Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.